АЗОТФІКСАВА́ЛЬНЫЯ БАКТЭ́РЫІ,

азотфіксатары, мікраарганізмы, здольныя засвойваць малекулярны азот атмасферы і пераводзіць яго ў складаныя азоцістыя злучэнні. Сімбіятычныя азотфіксавальныя бактэрыі (найб. актыўныя фіксатары азоту) існуюць у сімбіёзе пераважна з бабовымі раслінамі (гл. Актынаміцэты, Клубеньчыкавыя бактэрыі), несімбіятычныя жывуць свабодна (азотабактэр, кластрыдыі, некаторыя віды цыянабактэрый, фотатрофных бактэрый, асобныя віды грыбоў і дражджэй). Азотфіксавальныя бактэрыі ўдзельнічаюць у кругазвароце азоту ў прыродзе, абагачаюць ім глебу і вадаёмы, пераводзяць яго ў форму, даступную для засваення вышэйшымі раслінамі.

т. 1, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)